Рэзiдэнцыi

Музычная (снежань, 2021)

Першая рэзідэнцыя «Дома творцаў» адбылася ў снежні 2021 года.

Вынікам працы сталася прэм’ера новага твора — містэрыі. Прайшоў фінальны канцэрт музыкаў, удзельнікаў рэзідэнцыі.

Містэрыя «Бег Зямлі» — магічны твор, які прадстаўляе нараджэнне, жыццё і знікненне сусвету. Ён складаецца з асобных частак, створаных кампазітарамі Віталём Эпавым і Вольгай Падгайскай разам з удзельнікамі рэзідэнцыі, а таксама з вольных імправізацый музыкаў, распрацоўкай якіх займаўся Аляксей Варсоба.

Прагляд на YouTube

Тэатральная (студзень — люты 2022)

Рэзідэнцыя пачалася ў студзені 2022 года, у ёй удзельнічалі пераважна драматургі і рэжысёры з Беларусі.

Заняткі праводзіў таленавіты настаўнік і сучасны тэатральны рэжысёр Юрый Дзівакоў. У лютым далучыліся акцёры. Акрамя рэпетыцый з рэжысёрам, адбываліся заняткі па арт-тэрапіі і сцэнічным руху, псіхалагічныя трэнінгі, ладзіліся творчыя сустрэчы і экскурсіі. На жаль, з пачаткам вайны ва Украіне запланаваны спектакль быў адменены, замест яго былі прэзентаваны відэапрацы і фільмы рэзідэнтаў.

Мастацкая (сакавік 2022)

Асноўная праграма мастацкай рэзідэнцыі праходзіла на базе Вашаўскай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам вядомых польскіх спецыялістаў: прафесара Віктара Гуты і доктара Цэзарыя Качварскага.

Удзельнікі маглі наведваць музеі, удзельнічаць у сустрэчах з псіхолагам, майстар-класах, лекцыях і інтэграцыйных мерапрыемствах разам з польскімі студэнтамі і культурнымі дзеячамі.

Асобная ўвага надавалася сумеснаму адпачынку і стварэнню творчых сувязяў. Завяршэннем рэзідэнцыі сталі дзве выставы, куратаркай якіх выступіла Наста Някрасава.

Фальклорная (травень 2022)

У фальклорнай рэзідэнцыі прынялі ўдзел фолк-музыкі і спевакі з Беларусі і Украіны. Праграма была вельмі насычанай і разнастайнай: сумесныя рэпетыцыі, творчая сустрэча з этнографам і рэжысёркай Ягнай Кнітэль і яе гуртом «Z lasu», лекцыі музыколага Давіда Марціна, майстар-клас ігры на інструментах яванскага аркестра Гамелан, а таксама заняткі з псіхолагам і этнапрактыкам з Украіны Наталляй Новікавай.

Асобнае месца ў праграме займалі музычныя заняткі, праведзеныя этнамузыколагам і спявачкай Настай Някрасавай. Удзельнікі наведалі Фанаграфічны архіў імя Ядвігі і Мар’яна Сабескіх у Інстытуце мастацтваў польскай акадэміі навук і паўдзельнічалі ў валачобным абрадзе на Падляшшы (Студзіводы).

Важнай падзеяй рэзідэнцыі стала стварэнне новага твора польскім кампазітарам Пётрам Дарошам, які быў напісаны для ўдзельнікаў і ўпершыню выкананы на фінальным канцэрце ў зале Камедульскага кляштара.

Мастацкая (Беласток, ліпень — жнівень 2023)

Рэзідэнцыя праходзіла ў Беластоку і сабрала таленавітых мастакоў з Беларусі, кожны з якіх стварыў за гэты час ад 2 да 5 твораў. Некаторыя работы і арт-аб’екты былі паказаны на фестывалі «Tutaka». Сярод твораў — выявы двароў Мінска, інсталяцыі з вокнамі і балконамі, палотны з дамамі і небам.

Акрамя творчай працы, удзельнікі наведвалі мясцовыя музеі і галерэі, удзельнічалі ў пленэрах і майстар-класах, ладзілі супольныя вячэры і адпачывалі разам, што спрыяла сумеснай творчасці і ўзаемнай падтрымцы. Таксама праходзілі заняткі з псіхолагам Віялетай Нікіцік. Асабліва запомнілася экскурсія ў майстэрню і сустрэча са знакамітым мясцовым мастаком Лёнікам Тарасевічам.

Вынікам рэзідэнцыі стала вялікая выстава ў цэнтры «Nie Teatr» у Беластоку, дзе прайшлі перформансы і музычныя выступы. Выстава была прысвечана памяці мастака і перформера Алеся Пушкіна, які стаў сімвалам барацьбы за свабоду і мастацкую выразнасць.

Музычная “Вяртанне Irdorath”(жнівень — верасень 2023)

Музычная рэзідэнцыя «Вяртанне Irdorath» была створана для таго, каб дапамагчы музыкам гурта «Irdorath» аднавіць псіхалагічныя і творчыя сілы пасля двухгадовага незаконнага зняволення і вярнуцца на сцэну. У рэзідэнцыі прынялі ўдзел каля 24 беларускіх музыкаў, якія былі вымушаны пакінуць радзіму і апынуцца на эміграцыі.

Штодня ішла бурная творчая праца: рэпетыцыі з гуртом і аркестрам, напісанне новых партый, стварэнне песень, пашыў касцюмаў, заняткі вакалам і дыханнем. Важным вынікам стаў запіс песні «Зорамі», якую вакалістка Надзея напісала ў турэмным зняволенні, а таксама стварэнне паўнавартаснага кліпа на гэтую кампазіцыю.

У вольны час для ўдзельнікаў ладзіліся выязныя актыўнасці: прырода-тэрапія, шпацыры, наведванне Музея музычных інструментаў, экскурсіі гістарычнымі мясцінамі, пікнікі і іншае.

Музычная рэзідэнцыя (снежань 2023 — студзень 2024)

Музычная рэзідэнцыя ў Доме творцаў адбылася са снежня 2023 па студзень 2024 года. У ёй прынялі ўдзел 20 таленавітых музыкаў з Беларусі, прадстаўнікоў розных жанраў — ад рока і попа да джаза і акадэмічнай музыкі.

Вынікам рэзідэнцыі стаў вялікі канцэрт, які прадэманстраваў новую праграму. Таксама быў створаны музычны калектыў «Olia Shnip BAND». Аўтарамі праекта ёсць спявачка Воля Шніп і яе муж, былы палітвязень, гукавы прадзюсар і музыка гурта «Irdorath» Антон Шніп.

У межах рэзідэнцыі адбыліся разнастайныя мерапрыемствы: вечар знаёмства, заняткі ў імправізацыі, аркестравыя і студыйныя рэпетыцыі, развітальны вечар са святочнай вячэрай, а таксама трэнінг «Як спраўляцца са стрэсам» ад псіхолага Віялеты Нікіцік і лекцыя па музычным менеджменце ад Аляксея Лукашэвіча.

Мастацкая рэзідэнцыя — красавік 2024

У красавіку 2024 года ў Варшаве прайшла чарговая мастацкая рэзідэнцыя Дома творцаў, якая аб’яднала 15 удзельнікаў з Беларусі і Украіны. Яны былі адабраны з больш чым 80 заявак, пададзеных на конкурс. На працягу трох тыдняў удзельнікі паглыбляліся ў творчы працэс, удзельнічалі ў майстар-класах, цікавых лекцыях па мастацтве і сустрэчах з вядомымі польскімі мастакамі.

Асноўныя падзеі рэзідэнцыі:

  • Майстар-клас па скульптуры і мультымедыя ад Віктара Гута і Чэзары Качварскага.
  • Лекцыя пра японскую поп-культуру ад доктара Якуба Карполюка.
  • Эксперыментальная графіка на майстар-класе доктара Катажыны Зімнай.
  • Шпацыр па варшаўскіх муралах пад кіраўніцтвам Дарыюша Пачкоўскага.

Удзельнікі таксама маглі працаваць і наведваць мастацкія майстэрні, у тым ліку ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў, а таксама знаёміцца з калекцыямі шматлікіх музеяў Варшавы. Акрамя таго, у праграме былі псіхалагічныя трэнінгі, якія падтрымлівалі ўдзельнікаў у творчым працэсе, і сяброўскія вячэры, што спрыялі развіццю моцнай супольнасці.

Рэзідэнцыя завяршылася фінальнай выставай, дзе былі прадстаўлены працы, створаныя ўдзельнікамі за час рэзідэнцыі. Гэтая падзея стала яркай кульмінацыяй творчага шляху рэзідэнтаў.

кантакты

Тэлефон

Электронная пошта

напішыце нам

Калі ў вас ёсць пытанні або вам патрэбны дадатковыя звесткі, калі ласка, запоўніце форму звароту ніжэй.


Fundacja Dom Tvorcau – Dom Twórców
NIP: 5253001400, KRS: 0001102760

© Dom Tvorcau, 2025